ГІСТОРЫЯ ВЁСКІ ЯГЛЕВІЧЫ

ФІЗІКА – ГЕАГРАФІЧНАЕ СТАНОВІШЧА ВЁСКІ ЯГЛЕВІЧЫ

ЭНЦЫКЛАПЕДЫЧНАЯ ДАВЕДКА

Вёска Яглевічы размешчана ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці за два кіламетры на паўднёвы ўсход ад горада Івацэвічы на даўнім шляху з Пінска да Слоніма. З заходняга боку вёскі праходзіць аўтамагістраль Івацэвічы-Пінск, а з паўночнага боку – новая аўтамагістраль Брэст-Масква.

Вёска Яглевічы знаходзіцца ў басейне ракі Грыўда. Мае зручнае фізіка-геаграфічнае і эканоміка-геаграфічнае становішча, так як знаходзіцца паблізу транспартных магістраляў і чыгуначнай станцыі (3 кіламетры да чыгуначнай станцыі  Івацэвічы ). Характарызуецца плоскім раўнінным рэльефам, што мае вялікае значэнне для вядзення сельскай гаспадаркі і будаўніцтва. Адносная вышыня паверхні  мяняецца ад 0,5 да 1 метра. Асабліва зніжана пойма ракі Грыўда. Тут пашыраны тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя глебы. Асноўным фактарам глебаўтварэння з’яўляецца расліннасць. На тэрыторыі вёскі знаходзіцца  41 га лясных масіваў.

Клімат мяккі, умерана-кантынентальны, з мяккай і кароткай зімой, працяглым і цёплым летам і прыкладна раўнамерным размеркаваннем ападкаў на працягу года. Таму і паспяваюць  выспяваць некаторыя цеплалюбівыя расліны

Прыгажосць і багацце вёскі – гэта змешаны лес, што акружае нашу вёску.

Недалёка ад вёскі, уздоўж магістралі Брэст-Масква, знаходзяцца два штучных возеры – цудоўныя месцы для адпачынку аднавяскоўцаў .

тут жывуць рускія, украінцы. Па веравызванні – пераважна праваслаўныя, ёсць католікі і пратэстанты. У вёсцы пражываюць у асноўным беларусы.

ПАХОДЖАННЕ НАЗВЫ ВЁСКІ ЯГЛЕВІЧЫ

Адкуль пайшла назва нашай вёскі?

Вучоныя ў назве  вёскі бачаць праславянскі  корань “геглы”, “еглы”,  што азначае – здаровы, моцны.

Са слоў старажылаў вёскі яшчэ ў канцы ХХ стагоддзя запісаны некалькі легенд аб паходжанні назвы вёскі Яглевічы.

ЛЕГЕНДА ПРА ЯГЛІНКУ

Некалі ў вёсцы жыў пан. Была ў яго адзіная дачка Яглінка. Яна вельмі любіла гуляць з сялянскімі дзецьмі. Вясковыя дзеці, ды і ўсе вяскоўцы паважалі дзяўчынку за яе дабрату і розум. Пану не падабалася гэта сяброўства. І ён адправіў дачку ў Варшаву, далей ад гэтых мясцін. Яглінка бацькавай волі не пярэчыла, паехала. Доўга з сумам успаміналі аднавяскоўцы Яглінку. Праз нейкі час Яглінка там захварэла і памерла. Чутка пра гэта дайшла і да вёскі. Плакалі людзі, сумавалі і вырашылі ў памяць пра Яглінку назваць вёску Яглевічамі.

ЛЕГЕНДА ПРА ЯГЕЛА І ГІЦА

Недалёка ад нашаё вёскі знаходзіцца суседняя вёска Вулька Аброўская.

Жыў там багаты пан. Валодаў ён вялікай тэрыторыяй, у тым ліку і землямі, дзе зараз знаходзіцца наша вёска. Было ў яго два сыны: аднаго звалі Гіц, а другога – Ягел. І вось, калі сыны выраслі і пажаніліся, вырашыў ён надзяліць іх зямлёю.

Гіцу пан аддаў зямлю, дзе зараз знаходзіцца вёска Гічыцы, а другому – Ягелу, бацька перадаў землі, дзе сёння размешчана вёска Яглевічы. Ягел пабудаваў тут маёнтак, пасяліў сваіх прыгонных сялян. Так і ўтварылася вёска Яглевічы па імені свайго пана.

ЛЕГЕНДА “ЯГЛІ… ЯГЛЕВІЧЫ”

Было гэта гадоў 400-500 назад. Праходзіў тут даўні шлях з Пінска да Слоніма. Каб дабрацца конна з аднаго старажытнага горада ў другі, трэба было патраціць два светлавыя дні. Наша мясцовасць знаходзіцца якраз на палове гэтага шляху. Праедуць людзі грузкае балота, выберуцца на пагорак, збочаць з гасцінца, вогнішча распаляць, будан зладзяць, начуюць. Многа месцаў ад вогнішчаў, вуголляў заставалася на гэтым узгорку. І калі потым ў іх пыталіся, дзе яны начавалі, падарожныя адказвалі: “Там, дзе яглі…” А нехта з падарожных  пасля захацеў тут жыць. І назвалі людзі  сваё паселішча Яглевічамі, бо “яглі” і ёсць па-мясцоваму вуглі.

 Існуе некалькі легенд пра назву вёскі. Кожная з гэтых легенд, якія пакінулі нам у спадчыну нашы продкі, па-свойму прыгожая. З гэтых паданняў мы бачым, што нашы дзяды і прадзеды былі людзі прагныя да працы, добрыя, спагадлівыя, імкнуліся да справядлівасці, любілі свой край.

Хутчэй за ўсё легенда пра “яглі” найбольш адпавядае праўдзівасці паходжання назвы вёскі Яглевічы. У гэтым пераконвае параўнальны аналіз паходжання падобных назваў вёсак нашага раёна і вобласці. А тое, што існуе некалькі розных легенд пра назву вёскі, падцвярджае толькі тое, што нашы продкі заўсёды шукалі адказы на самыя важныя філасофскія і маральныя пытанні, і іменна хрысціянства і народная мараль са сваёй дабрадзейнасцю, лагоднасцю і спагадай паўплывалі на землякоў пры стварэнні легенд.

ГІСТОРЫЯ ВЁСКІ ЯГЛЕВІЧЫ

Вучоныя-краязнаўцы сцвярджаюць, што наша вёска, паводле пісьмовых крыніц, вядома з 18 стагоддзя. Але, супастаўляючы факты гістарычнага развіцця нашага рэгіёна, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што першыя жыхары нашай вёскі пасяліліся тут у пачатку 16 стагоддзя, у складзе Слонімскага павета Вялікага княства Літоўскага, аб чым упамінаецца ў пісьмовых крыніцах царкоўга архіва.

Мінулае нашай вёскі цесна звязана з гісторыяй горада Івацэвічы. Дадзеныя аб маёнтку Івацэвічы змяшчаюцца ў кнігах рэгістрацыі дакументаў канцэлярыі Вялікага княства Літоўскага за 1519 год. а з 1795 года маёнтак Івацэвічы у складзе Слонімскага павета. А яшчэ, прыкладна праз стагоддзе сталі засяляцца землі  на паўднёва-усход ад маёнтка Івацэвічы, за ракой Грыўда. Назва ў гэтых зямель была ўжо Яглевічы. Першая частка Ягеле ўтворана ад прозвішча Ягело. Магчыма сувязь з Ягелонамі- дынастыяй польскіх каралей(1386-1572 гг.). Другая частка запазычана ад назвы маёнтака Івацэвічы. Пазней у гаворцы жыхароў было страчана літара “е” і засталіся Яглевічы. (Гэта яшчэ адна з версій аб назве вёскі.)                        

У 1760 годзе ў вёсцы была пабудавана і асвечана драўляная царква з калакольняй у гонар велікамучаніка Георгія Пабеданосца. А гэта пацвярджае, што вёска існавала ўжо не менш чым 100-200 гадоў. Бо цэрквы будаваліся ўжо на добра абжытых паселішчах, якія мелі свае культурныя і духоўныя традыцыі.

Суседняя вёска Галенчыцы ўпершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у пачатку 16 стагоддзя, і першым пасяленцам прыйшлося з цяжкасцю адваёўваць у лесе сабе зямлю. Значыць, мясцовасць  на ўзгорку, у пойме ракі Грыўда, дзе размешчана вёска Яглевічы, была ўжо абжытая. Такім чынам, наша вёска Яглевічы бярэ свой пачатак не пазней 16 стагоддзя.

1760 год. У вёсцы Яглевічы – 12 двароў, 132 жыхара. На прытоку ракі Грыўда пабудаваны млын. На сродкі вяскоўцаў і з дапамогі насельнікаў Жыровіцкага манастыра ўзведзена і асвечана Юр’еўская царква. Ёсць звесткі, што на працягу наступнага стагоддзя царква перабудоўвалася пад касцёл, затым – пад уніяцкую царкву.

1795 год. Вёска знаходзіцца ў складзе Расійскай імперыі.

1870 год. У вёсцы знаходзіцца цэнтр сельскага таварыства ў Боркінскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерніі. У таварыстве налічваліся 144 душы сялян-гаспадароў, 843 дзесяціны зямлі. У гэтым годзе ўніяцкая царква, ў выглядзе драўлянага касцёла, па праекту інжынера Козырава перабудавана ў праваслаўную.

У гэтым жа годзе пачалося будаўніцтва Маскоўска- Брэсцкай чыгункі. Туды ішлі многія беззямельныя сяляне. Мясцовыя свяшчэннікі называлі будоўлю “нашэсцем сатаны”, бо, пакінуўшы вёску, людзі не наведвалі царкву, не збіраліся на рэлігійныя святы.

 У 1873 годзе праведзены рамонт храма Святога велікамучаніка Георгія Пабеданосца(Юр’еўская царква) на сродкі прыхажан і асвечаны Быценскім благачынным святаром Наркісам Пяшкоўскім.

Пасля адмены прыгоннага права ў вёсцы абываецца рост насельніцтва, што абумовіла забудову вёскі. Хаты прыжымаліся цесна да гаспадарчых пабудоў.

1886 год – 24 двары,233 жыхары. Некаторыя жыхары-мужчыны ўладкоўваюцца на падзённую працу на чыгуначную станцыю, бровар, цагельню і тартак паселішча Івацэвічы.

1894 год. Пры Юр’еўскай царкве,у невялікім будынку адкрыта царкоўна-прыходская школа. У школе – 3 класы, 30 вучняў. Настаўніца – дачка настаяцеля царквы Іаана Вераксіна.

1905 год. Сяло Яглевічы – 44 двары, 424 жыхары, і маёнтак – 76 жыхароў.

1908 год. На аснове царкоўна-прыходскай школы адкрыта народнае вучылішча.

1909-1911 год. У вёсцы нелегальна пражываў вядомы беларускі вучоны і гісторык Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі.

1915 год. У сувязі з пачаткам першай сусветнай вайны народнае вучылішча закрываецца. Пачынаецца бежанства ў Самарскую губернію. У вёсцы застаецца 20% двароў ад агульнай колькасці. Тэрыторя акупіравана Германіяй.

З Івацэвіч у целяханскія лясы праз Яглевічы пракладзена вузкакалейка, па якой вывозілі лес.

 1917 год- Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя. Яе рэха даляцела і да Беларусі. У агні барацьбы з нямецкімі акупантамі і белапольскімі інтэрвентамі нараджалася БССР, на вызваленых тэрыторыях якой ажыццяўлялісь рэвалюцыйныя пераўтварэнні.

Але зусім іншая доля чакала наш раён і у тым ліку нашу вёску Яглевічы. У жорсткай сутычцы з ворагамі маладая савецкая дзяржава вымушана была пайсці на заключэнне несправядлівага Рыжскага мірнага дагавора, па якому заходнія вобласці Беларусі адышлі пад Польшчу.

У перыяд панавання рэжыма Пілсудскага  у цэлым наш раён прадстаўляў адсталую акраіну Рэчы Паспалітай. Убога выглядала і наша вёска. Цэнтр вёскі складаўся з цяперашняй вуліцы Клютко, якая упіралася у самы прыгожы будынак- царкву. Уздоўж сельскай вуліцы стаялі убогія хаткі, пакрытыя саломай. У поўнай галечы жыло сялянства. Самы вялікі біч- беззямелле. Былі такія сем і, як Пытляка Васіля Васільевіча, Пытляка Аляксандра і другія, якія мелі па тры дзесяціны зямлі, а пракарміць трэба было 8-10 чалавек. Акрамя таго узымаўся налог на зямлю і скаціну. Сяляне павінны былі утрымліваць у парадку дарогі, мост праз раку Грыўду, які злучаў Яглевічы з Івацэвічамі. У вёсцы адсутнічала медыцынская дапамога. Існуючая школа- царкоўна- прыхадская, дзе абучэнне вялося выключна на польскай мове, галоўным прадметам быў закон божы.

1919 год – з лютага месяца вёска, як і ўся тэрыторыя раёна акупіравана польскімі войскамі.

1920 – 1922 гг. Пасля доўгага галоднага туляння па бяскрайніх прасторах Расіі вяскоўцы вяртаюцца дамоў, на разбураныя гаспадаркі з бежанства далёка не ўсе. Многія засталіся ляжаць у чужой зямлі, у чужых краях. Там, у Расіі, нашы вяскоўцы сустрэлі Лютаўскую, а затым Кастрычніцкую рэвалюцыі, сталі сведкамі грамадзянскай вайны.

1921 год. Жыхары вёскі становяцца грамадзянамі Польшчы, у Косаўскім павеце Палескага ваяводства. Адкрываецца пачатковая польская школа. Кіраўнік школы і адзіны настаўнік – Жук Аляксей Міхайлавіч. А праз некалькі месяцаў гэтага года школа закрываецца, бо бацькі не хочуць аддаваць  сваіх  дзяцей ў польскамоўную школу.

1923 год. Аднаўляе работу пачатковая польская школа. Класы размешчаны ў сялянскай хаце ў Емельяна Бахура, а затым у хаце Пытляка Івана.

У час уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Другой Рэчы Паспалітай, а гэта – 4 мільёны беларусаў, актыўна выступалі супраць урадавай палітыкі паланізацыі і пераўтварэння краю ў сыравінны прыдатак Польшчы. Таму зразумелы матывы пошукаў шляхоў выйсця з гэтага становішча.

1924 год. Яглевічы – вёска і калонія, выселак у Боркі-Гічыцкай гміне. У вёсцы – 62 двары, 398 жыхароў. З іх – 360 беларусаў. У гэты год у вёсцы прайшла канферэнцыя, на якой  быў выбраны Косаўскі райкам КПЗБ, дзейнічала ячэйка ЛКСМЗБ.

Создайте подобный сайт на WordPress.com
Начало работы